Тэатр Васi Вясёлiкна

Яніна Жабко: Таямнічыя зоркі

Дзейныя асобы: 
Маляваныч – хлопчык-мастак, 
Топа – мядзведзік, 
Яначка – лісяня. 
На сцэне, на сцяне, вісіць вялікая карта зорнага неба. Маляваныч у тэлескоп уважліва разглядае зоркі. 
Маляваныч. Якое казачнае відовішча! Колькі зорак! А вось сузор’е Жырафы! І Леў глядзіць на мяне! 
На сцэне з’яўляюцца Топа і Яначка. 
Топа. Дзе ты, Маляваныч, бачыш жырафу і льва? Яны што, у гэтай трубе сядзяць? Ха-ха! 
Маляваныч. Нічога ты не разумееш! Гэта незвычайная труба – тэлескоп. Праз яе можна назіраць зоркі. Тэлескоп робіць іх у многа разоў большымі. А Жырафа і Леў – гэта не звяры, а сузор’і. 
Яначка. Ой, як цікава! (Заглядае ў тэлескоп.) 
Топа. Пачакай, Яначка! Мая бабуля казала, што на небе ёсць сузор’е, якое называюць Вялікай Мядзведзіцай. І мне, Маляваныч, вельмі хочацца яго ўбачыць! 
Маляваныч. Зараз я знайду табе гэта сузор’е. Яго яшчэ называюць Вялікім Каўшом. Вось яно, Топа, глядзі! У ім – сем зорак. 
Топа. Ой! Усё неба зіхаціць зоркамі – вялікімі і маленькімі. 
Маляваныч. Топа, ты бачыш Вялікую Мядзведзіцу? 
Топа. Я хутчэй знайшоў бы гэта сузор’е, калі б ты, Маляваныч, яго намаляваў. 
Маляваныч. Калі ласка! (Малюе і аддае мядзведзіку.) 
Топа (глядзіць на малюнак, потым у тэлескоп). Якая ж гэта мядзведзіца? Сузор’е сапраўды больш падобна на коўш, з якога можна папіць вады. 
Яначка. Хопіць табе ўжо ўглядацца ў неба: яно ж не толькі тваё. Дай і мне разок зірнуць. 
Топа. Ты, Яначка, і так маеш зоркія вочы. За пяць вёрст курачку ўбачыш. Вось злічу ўсе зоркі, тады і глядзі! 
Маляваныч. Не вельмі старайся! Каб злічыць усе зоркі на небе, жыцця не хопіць. 
Яначка адпіхвае ад тэлескопа Топу. 
Яначка. Дай зірнуць! (Глядзіць у тэлескоп.) Ой! А мне ўсе зоркі міргаюць, нібы клічуць да сябе пагуляць. Маляваныч, а крумкач зможа даляцець да зорак? 
Маляваныч. Ты што, Яначка! Хоць крумкач і жыве трыста гадоў, але і яму жыцця не хопіць, каб даляцець нават да самай блізкай зоркі. 
Яначка. Глядзіце, глядзіце! Зорачка падае! Можа, яна ўбачыла мяне і захацела прыляцець у госці? 
Топа. Я і без тэлескопа яе бачу! Ой, ужо знікла! 
Яначка. Маляваныч, а ці можна ў тваім тэлескопе ўбачыць, як Баба Яга на мятле лятае? 
Топа. Кажуць, яна далятае да зорак, хапае іх і складвае ў свой мех. 
Маляваныч. Супакойцеся! Гэта ўсё казкі. А сёння вы бачылі, як на небе гуляюць таямнічыя зоркі, як месячык ясны між імі плыве. Толькі ні ў якім тэлескопе вы не ўбачыце, хто кожны вечар прыходзіць да ўсіх нас. Прыходзіць ціха, як невідзімка. 
Яначка і Топа (разам). А мы ведаем, гэта – сон! 
Пазяхаюць, паціраюць вочы. Дзіцячы хор выконвае песню-калыханку. 

Дзмітрый Сергейчук: Свята колераў вясёлкі

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ: 
Вясёлка, 
Чырвоны колер, 
Аранжавы колер, 
Жоўты колер, 
Зялёны колер, 
Блакітны колер, 
Сіні колер, 
Фіялетавы колер. 

Гучыць музыка. Сем колераў Вясёлкі выконваюць харэаграфічную кампазіцыю. Нечакана грыміць гром. Ад яго ўсе колеры разбягаюцца ў розныя бакі. З’яўляецца Вясёлка, апранутая ў белае адзенне. 
ВЯСЁЛКА. Прывітанне, сябры! Вы мяне, пэўна, не пазналі. Я – Вясёлка. Чаму невясёлая сёння? Злосны гром разагнаў усе мае колеры. З вашай дапамогай я зноў збяру іх разам. Першы колер – чырвоны. Калі ласка, падыдзіце да мяне ўсе, хто атрымаў папяровыя палавінкі чырвоных сэрцаў. Справа ад мяне становяцца хлопчыкі, злева – дзяўчынкі. У кожнага з вас у руках – палавінка сэрца. Вам трэба знайсці сваю палавінку, каб атрымалася адно сэрца. 
Удзельнікі гульні знаходзяць свае палавінкі і ўтвараюць пары. 
З’яўляецца чырвоны колер. 
Чырвоны колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы! 
Гучыць фонавая музыка. Чырвоны колер адорвае пераможцаў. 
ВЯСЁЛКА. Наступны мой колер – аранжавы. Вось вам ватманы і каляровыя алоўкі. Капітаны дзвюх каманд павінны намаляваць на сваім ватмане апельсін. Пераможа той, хто зробіць гэта хутчэй і прыгажэй. 
З’яўляецца аранжавы колер. 
Аранжавы колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы! 
Гучыць музыка. Аранжавы колер адорвае пераможцу. 
ВЯСЁЛКА. Жоўты колер – колер сонца. Без сонца немагчыма жыццё. А якое жыццё без песні? Прапаную вам назваць песні, у якіх сустракаецца слова “сонца”. За кожны правільны адказ атрымаеце папяровае сонейка. У каго іх будзе болей, той і пераможца. 
З’яўляецца жоўты колер. 
Жоўты колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы! 
Гучыць музыка. Жоўты колер адорвае пераможцаў. 
ВЯСЁЛКА. Наступны колер – зялёны. Гэта колер жыцця, колер прыроды. Зараз мы праверым, ці добра вы ведаеце назвы дрэў, якія растуць у лесе. Вось зялёны паветраны шарык. Перадавайце яго па крузе і называйце розныя дрэвы. Той, хто не адкажа альбо затрымае шарык, – выбывае з гульні. 
З’яўляецца зялёны колер. 
Зялёны колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы! 
Гучыць музыка. Зялёны колер адорвае пераможцаў. 
ВЯСЁЛКА. Блакітны і сіні – колеры неба. У вышыні мы бачым не толькі птушак, але і самалёты. Няхай кожны з вас зробіць папяровы самалёт. Чый самалёт заляціць далей – той і будзе пераможцам. 
З’яўляюцца блакітны і сіні колеры. 
Блакітны і сіні колеры. Дзякуй, вы вярнулі нас Вясёлцы! 
Гучыць музыка. Блакітны і сіні колеры адорваюць пераможцу. 
ВЯСЁЛКА. Ну вось, сябры, з вашай дапамогай удалося вярнуць шэсць колераў. Застаўся апошні – фіялетавы. Ён заззяе, калі вы станчыце беларускую польку. 
З’яўляецца фіялетавы колер. 
Фіялетавы колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы! 
Гучыць музыка. Фіялетавы колер адорвае лепшых танцораў. 
ВЯСЁЛКА. Дарагія сябры! Злосны гром разагнаў мае колеры. Вы дапамаглі мне вярнуць іх. І я зноў – яркая і вясёлая. Дзякуй вам усім!.. 
Гучыць музыка. Сем колераў Вясёлкі кружацца ў карагодзе. 

свернуть