Гадаванне дзетак 0-3 гады

Забаўлянкі для малят

Ходзіць коцік па лавачцы: прымаўлянкі-забаўлянкі

Спачтку дзіця сьмяецца, калі яго шчыкаюць Ракі-небаракі або кусае Куся. Пазьней яно пачне ўцякаць ці хавацца. Немаўля рагоча, калі дарослы ловіць ягоны пальчык ці ручку, а старэйшае дзіця стараецца хуценька прыбраць сваю руку або схапіць руку дарослага на сваёй далоньцы. 
Лезуць Ракі-небаракі 
Лезуць Ракі-небаракі, 1 
Як ушчыкнуць – будуць знакі! 2 
1 – двума пальцамі, нібы ножкамі, павольна, нібы Рак, ідзем да дзіцяці 
2 – паказваем, як Рак шчыкае клюшнямі 
Лезе Куся 
Лезе Куся да Настусі 1 
І за тварык (носік, вушка…) 
Кусь! 2 
1 – павольна набліжаем руку да дзіцяці 
2 – хапаем дзіця за тварык, носік, вушка… 
Дай Бусьліку есьці! 
Робім “крынічку” (кладзем указальны ды безыменны пальцы адной рукі крыж-накрыж на указальны ды безыменны пальцы другой рукі) і кажам: 
 Дай Бусьліку есьці! 
Дзіця кладзе пальчык у адтулінку-“калодзеж” паміж пальцамі. Дарослы сьціскае пальцы і хапае пальчык дзіцяці. Наступным разам дзіця будзе старацца ня даць злавіць пальчык. 
Хап! 
Дзіця кладзе ручкі на далоні дарослага. Той выцягвае адну руку і хутка хлопае па ручцы дзіцяці на другой руцэ, кажучы: 
 Хап! 
Дзіця мае навучыцца хуценька прыбіраць ручку. Паўтараем гульню некалькі разоў, мяняючыся ролямі. 

Люба П’ятночко, 
пераклад Алены Траццяковай 

Ходзіць коцік па лавачцы: кармленне

Аповядамі і вершыкамі мы заахвочваем дзіця да ежы: трэба зьесьці кашку, юшку ці яблычак, а то прыйдзе Мышка ці Каток… і сам усе зьесьць. 
Кормячы дзіця, дарослы сам паказвае, як шырока трэба раскрыць раток. 
Бегла мыш 
Пальцам казычам далоньку дзіцяці, рытмічна прыгаворваючы: 
Бегла мыш, 
Несла кныш . 
Тут, тут села, 
Той кныш зьела. 
Гам! 
Напрыканцы вершыка даем ежу. Наступным разам дзіця спачатку працягне ручку для казытаньня, а потым само адкрые раток для ежы. 
Размова з мышкай 
Напрыканцы вершыка дзіця бярэцца ручкамі за галоўку. 
 Мышка, Мышка, дзе была? 
 У Марынкі. 
 А што ела? 
 Лупінкі. 
 А чаму нам не прынесла?  Забыла. 

Малая Мышка 
Напрыканцы вершыка дзіця ручкай водзіць па жыватку і паказвае, як было смачненька. 
Ішла Мышка пешкі, 
Лузгала арэшкі, 
Птушачку спаймала, 
Нікому не давала, 
Сама смакавала, 
Ням-ням-ням! 
Кіса-Мыса 
Гладзім па тварыку, па жыватку дзяўчынкі і прыгаворваем: 
 Кіса-Мыса, дзе была? 
 На горцы ў каморцы малачко піла. 
 А ці накрыла? 
 Ой, забыла! 
 Вось такая наша Кісанька была! 
Коцік 
Гладзім па тварыку, па жыватку хлопчыка і прыгаворваем: 
 Коцік-Коцік, дзе ты быў? 
 У каморцы. 
 А што там рабіў? 
 Малачко піў. 
 А Багданку (Тамашыку) пакінуў? 
 Забыў! 
 Вось такі наш коцік быў! 

Люба П’ятночко, 
пераклад Алены Траццяковай 

Ходзіць коцік па лавачцы: вучым хадзіць

Дзіця трымаецца за маміны пальцы. Прамаўляючы вершык, стараемся адпусьціць дзіця так, каб яно само ўтрымлівала раўнавагу і ўсё сьмялей рабіла першыя крокі. 
Ды-бы-ды-бы 
Трымаем дзіця за ручкі і вучым хадзіць, прыгаворваючы: 
Ды-бы-ды-бы, 
Ды-бы-бы, 
Пайшла баба у грыбы 
І дзед – у апенькі, 
Дзядок свае пасушыў, 
Бабіны – сырэнькі. 
Ды-бы-дыб 
Водзім дзіця за ручкі, а пасьля слова “грыб” дзіця сядае. 
Ды-бы-ды-бы, 
Ды-бы-дыб 
Знайшла Леся 
Добры грыб. 
Ходзіць Коцік па лавачцы 
Трымаючы дзіця за ручкі, вучым яго хадзіць і прамаўляем: 
Ходзіць Коцік па лавачцы, 
Водзіць Кісу за лапачкі: 
Дыб, дыб, дыб, дыб. 
Каток 
Абвязваем дзіця пад пашкамі хусткай або шалікам, робячы ззаду хвасток. Трымаючыся за гэты хвасток, ходзім за дзіцём і прыгаворваем: 
Пайшоў Каток пад масток, 
Злавіў Мышку за хвасток, 
Каток раток як раскрыў, 
Мышку шэрую згубіў – 1 
Мя-я-яў! 2 
Каток Мышку, 
Мя-я-яў! 
1 – адпускаем канец хусткі (хвасток), і дзіця (Мышка) спрабуе ісьці самастойна 
2 – мама (Каток) ўдае плач 

Ходзіць коцік па лавачцы: забавы на каленях

Дзеці вельмі любяць ўяўляць сябе коньнікамі, седзячы ў дарослых на каленях: 
Гуца-ца! 
Дзіця жыватком кладзецца даросламу на нагу, а той трымае яго за ручкі і гойдае, штораз паднімаючы ўсё вышэй і вышэй. 
Гуца! Гуца! Гу-у-ца! 
Гоп, гоп, гопака 
Рытмічна падкідваем дзіця на каленях, прыгаворваючы: 
Гоп, гоп, гопака! 
Добра ў коніка хада, 
Аброці шаўкавыя, 
Падковы залатыя. 
Беглі коні 
Падкідваем дзіця на каленях, пакрысе запавольваючы тэмп. 
Беглі коні пад мастамі 
З залатымі капытамі. 
Трэба стаць ды пагадаць, 
Што каням тым есьці даць. 
Козы 
Садзім дзіця сабе на нагу, трымаем за ручкі і гойдаем, прыпяваючы: 
Дзе буяюць лозы, 
Скачуць дзікі козы. 
То долу, то ўгору, 1 
То ў хмыз, то ў каліньнік, 2 
А за імі казляняты - 
Паламалі нажаняты. 3 
1 – паднімаем і апускаем дзіця 
2 – нахіляем управа і ўлева 
3 – апускаем нагу і садзім дзіця на зямлю 
Чук, чукоў 
Усё хутчэй і хутчэй падкідваем на каленях дзіця, прыгаворваючы: 
Ой, гоп, чук-чукоў, 
Налавіў Кот шчупакоў. 
Ой, гоп, чук-чукі, 
Паўцякалі шчупакі. 
Гоп, гоп, верабейкі 
Рытмічна падкідваем у сябе на каленях дзіця, прыгаворваючы: 
Гоп, гоп, верабейкі, 
На бабіны канапелькі 
І на дзедаў мак, 
Няхай будзе так. 

Ходзіць коцік па лавачцы: купанне

І малыя, і большыя дзеці вельмі любяць пену для ваны. Яны любяць зь ёй гуляць, любяць, калі яе шмат. Дзіця атрымае яшчэ больш асалоды, калі навучыць яго пускаць саломінкай мыльныя бурбалкі. Для гэтага трэба разьдзяліць саломінку з аднаго канца на 4 часткі, акунуць гэты канец у пену і выдзімаць бурбалкі. 
Падчас купаньня сьпяваем: 
У любісьце купаю 
У любісьце купаю, 
Жыву ваду наліваю, 
Каб здароўе мела цела, 
Ліха-горачка ня стрэла. 
Хлюп-хлюп… 
Хлюп, хлюп, вадзічанька, 
На вочкі, на шчочкі, 
На лабок, на раток, 
І на ручкі, і на ножкі 
Хлюп, хлюп, хлюп. 
Купаліся ластаўкі 
Купаліся ластаўкі 
Ды ў вадзічцы-чары, 
Каб былі мы чарнабровы 
Ды шчэ белатвары. 

Ходзіць коцік па лавачцы: практыкаванні з ручкамі і ножкамі

Разнастайныя практыкаваньні пад забаўныя вершыкі развіваюць дзяцей фізычна і ўзнімаюць настрой. 
Заяц касіў 
Заяц касіў, Заяц касіў, 1 
Лісіца зграбала, 2 
Павук кідаў у капу, 3 
А муха таптала. 4 
1 – правая ручка да левай і наадварот 
2 – далонькі разам 
3 – ручкі ўгару і долу 
4 – дакранаемся то адным, то другім каленькам да жыватка 
Камар траўкі накасіў 
Камар траўкі накасіў, 1 
Муха пасушыла, 2 
Трус у плахту пазьбіраў, 3 
Ну а Мыш вазіла. 4 
1 – разводзім ручкі ў бакі 
2 – складаем разам далонькі 
3 – кладзем ручкі на бакі 
4 – павольна і рытмічна прамаўляючы: “Ну-а-Мыш-ва-зі-ла”, дакранаемся то адным, то другім каленькам да жыватка 
Ходзіць коцік па травічцы 
Ходзіць коцік па травічцы 1 
У зялёнай рукавічцы, 
А мышы сьмяюцца, 2 
За жываты бяруцца. 
1 – дакранаемся то адным, то другім каленькам да жыватка 
2 – выпростваем ножкі і гладзім сабе бакі 
Бегла лялька па таку 
Дакранаемся то адным, то другім каленькам да жыватка, нібы бяжым, і прамаўляем: 
Бегла лялька па таку 
У чырвоным каўпаку, 
Ела цукар ды мядок, 
Ёй насустрач Зайчык – скок. 
Зайчыкаў хлеб 
Ручка – раз, ножка – два, 1 
Ручка – раз, ножка – два, 2 
Мы бяжым у лес раз-два. 3 
Там у траўцы ля крынічкі 1 
Зайчык хлебца схаваў 2 
І далей сабе паскакаў. 3 
Будзем добра мы шукаць, 4 
Каб гасьцінчык атрымаць. 
1 – падцягваем левае каленца да правага локця 
2 – падцягваем правае каленца да левага локця 
3 – дакранаемся то адным, то другім каленькам да жыватка 
4 – гладзім сабе жываток 

Ходзіць коцік па лавачцы: масаж ды пагладжванні

Мама масажуе дзіцятка і забаўляе яго вершыкамі. Пазьней дзіця само будзе забаўляцца, уяўляючы сябе “кавалём” ці “козачкай”. 
Козачкі 
Далікатна сціскаючы і цягнучы дзіця за вушка, запытваем, а дзіця, калі ўмее, адказвае: 
 Пасьвіла коз? 
 Пасьвіла. 
 Быў мароз? 
 Быў. 
 Зьмерзьлі козы? 
 Зьмерзьлі. 
 Скраў воўк коз? 
 Скраў. 
 Як козы плакалі? 
 Ме-е-е-е…! 
Кавалі 
Рытмічна пастукваем сваім кулаком пятку дзіцяці і прыгаворваем вершык. Напрыканцы лёгенька казычам пальцамі пятачку. 
Куюць, куюць кавалі, 
То вялікі, то малы, 
А старога каваля 
Пасадзілі на каня. 
 Каму каня падкаваць, 
З золата падкову даць? 
 Падкуй майго удальца, 
Падкуй майго варанца. 
Пр-р-р-р-р-р-р-р… 
Кую я чаравічок 
Кую я чаравічок, 
Падай ты мне малаток, 
Не дасі малатка – 
Не падкую чаравічка. 
Малаток залаты, 
Чаравік дарагі. 
Стук! Стук! Стук! 
Зайчык 
Напрыканцы вершыка дзіця бярэцца ручкамі за галаву і ўдае плач. 
 Зайчык, Зайчык, 
Дзе ты быў? 
 У млыне, у млыне. 
 Што ты бачыў? 
 Сем мяхоў арэхаў. 
 Чаму ня ўкраў? 
 Білі мяне краўчыкі, 
Насілу ўцёк. 
Ды ў бабін ток. 
А баба дагнала 
Ды хвост адарвала. 
Ой-ой-ой! 
Гаросік, бабосік… 
Лёгка пакручваючы і паціраючы, масажуем і “называем” пальчыкі на ручках і ножках дзіцяці, пачынаючы ад мезенца: 
Гаросік, 
Бабосік… 
Пшанічка, 
Крупічка, 
А то – стары баран! 1 
Пыр-р-р-рх – за паркан ! 2 
Кашулька, 
Сапулька, 
Дзічка, 
Пшанічка, 
А стары баранчык 1 
Скок за парканчык ! 2 
1 – цягнем за вялікі палец 
2 – паказваем, як мы далёка яго “кідаем” 
Жэўжык, Мэўжык 
Масажуючы пальчыкі на ручках і ножках, жартаўліва “лічым”: 
Жэўжык 
Мэўжык 
Маляня 
Кацяня 
Каза 
Дзераза 
Тралі 
Валі 
Бумбі 
Бом 
Пяку, пяку бабу 
Бярэм галоўку дзіцяці ў свае далоні і рытмічна прыгаворваем: 
Пяку, пяку бабу, 1 
Пяку, пяку бабу. 
Шух – у печ! 2 
А цяпер зьем! 3 
Гам! 4 
або: 
Кáтуль-пáтуль, 1 
На лапату, 
Бух – і ў печ! 2 
1 – лёгенька і асьцярожна перакідваем галоўку з рукі на руку 
2 – адводзім галоўку назад 
3 – гарнем дзетку да сябе 
4 – цалуем 
Пяку, пяку бабку 
Лёгенька б’ем па тварыку, нібы робім хлеб, і рытмічна прыгаворваем: 
Пяку, пяку бабку, 
Пяку, пяку бабку, 
Кладу на лапатку. 
Шух – у печ! 

- Пяку, пяку, пяку хлеб!

ЗАБАВЫ З РУЧКАМІ ДЫ ПАЛЬЧЫКАМІ 
Пастукваць дзіцячую далоньку, перабіраць малыя пальчыкі і ўздымаць ўгару ручаняты - прыемная і адначасова захапляльная ды вясёлая забава. Пазней дзіця будзе само стукаць пальчыкам аб сваю далоньку, перабіраць сабе пальчыкі, паднімаць і трэсці ручкамі, пераймаючы палёт птушкі, ды вымаўляць асобныя словы. 
Пяку, пяку, пяку хлеб 
Пяку, пяку, пяку хлеб - 1 
Нашым дзеткам на абед. 
Таму – дам, таму – дам, 2 
Таму – дам і таму – дам, 
А таму – ня дам: 3 
Ён хлебу ня месіць 4 
Ды вады ня носіць. 
1 – перакладаем ручкі: правую далоньку на левую і наадварот 
2 – загінаем па чарзе пальчыкі 
3 – лёгка б’ем вялікі пальчык указальным, нібы лаем 
4 – указальным пальчыкам стукаем па далоньцы 
Сарока-Варона 
Сарока-Варона 
Дзеткам кашку варыла, 1 
На парозе студзіла. 2 
Хадзіце, дзеткі, да дарожкі, 3 
Дам вам кашкі трошкі. 4 
Таму – далá, таму – дала, 5 
Таму – дала і таму – дала, 
А таму – не дала. 6 
Крылцамі памахала, 7 
Пырх-пырх-пырх, – 
І паляцела да рэчкі 8 
Па чырвоныя для Наталі парэчкі. 9 
1 – водзім пальцам па дзіцячай далоньцы, нібы месячы кашку 
2 – дзьмем на далоньку 
3 – двума пальцамі “ідзем” па далоньцы дзіцяці 
4 – дакранаемся да кончыкаў пальцаў 
5 – лічым пальчыкі, сціскаючы кожны ўсёй далонню 
6 – мезенец “абдымаем” толькі пальцамі 
7 – “абдымаем” усе пальцы і некалькі разоў згінаем іх уперад-назад 
8 – махаем ручкамі 
9 – прыгаворваем напрыканцы 
Кар, кар, Варона 
Дзіця ручкамі трымаецца за маміны пальцы, а тая то падымае, то апускае ручкі дзіцяці, прыгаворваючы: 
Кар, кар, Варона. 
Кар, кар, Варона. 
На прыпечку сядзела. 
Дзеткам кашку варыла. 
На парозе студзіла. 
На паліцу схавала. 
Дзеткам есці не дала. 
Сама кашку з'ела, 
Пыр-р-рх! – паляцела! 
Пальчыкі 
Перабіраючы пальчыкі, “называем” кожны: 
Гэты пальчык – наш дзядуля, 
Гэты пальчык – баба, 
Гэты пальчык – наш татуля, 
Гэты пальчык – мама, 
Гэты пальчык – хлопчык наш, 
А завуць яго – Тамаш . 
Пальчык 
- Пальчык, пальчык, 
Дзе бываў? 
Пальчык, пальчык, 
Што чуваў? 
- З малодшанькім братком 
Я кашку варыў, 
А з безыменным - 
Я кашку еў, 
З сярэднім братам - 
Я ў лесе гуляў, 
А з найбольшым - 
Песню сьпяваў. 
Раўлік-Паўлік 
Раўлік-Паўлік, 
Выстаў рожкі. 1 
Раўлік-Паўлік, 
Выстаў і ножкі. 2 
Раўлік-Паўлік, 
Выстаў галоўку. 3 
Раўлік сваю хатку мае, 
Нас у яе не пускае. 
Цок! 4 
Кладзем на стол адзін ля аднаго кулачкі 
1 – выстаўляем указальныя пальцы і хаваем назад 
2 – выстаўляем усе пальцы, апроч вялікіх 
3 – выстаўляем вялікія пальцы 
4 – хуценька сціскаем кулачкі 

Жылі у бабусі вясёлыя гусі 

Жылі у бабусі 
Вясёлыя гусі: 
Адзін шэры, 
Другі белы - 
Вясёлыя гусі. 

Гагаталі тыя 
Гусі маладыя: 
Адзін шэры, 
Другі белы - 
Гусі маладыя. 

Бегалі па траўцы, 
Мыліся ў канаўцы. 
Адзін шэры, 
Другі белы - 
Мыліся ў канаўцы. 

Вось крычыць бабуся: 
“Ой, прапалі гусі! 
Адзін шэры, 
Другі белы - 
Гусі мае, гусі!” 

Вынырнулі гусі 
Ад бабусі блізка. 
Адзін шэры, 
Другі белы - 
Кланяліся нізка. 
Пераклад В. Жуковіча 


ПЕРШЫЯ ЗАБАВЫ З НЕМАЎЛЯТАМІ 
Тосі, тосі 
З усіх забавак, несумнеўна, найпершымі ёсьць “тасянкі”. Плясканьне маленькіх ручанят так цешыць бацькоў! Гэта першая спроба пазнаваньня і перайманьня. 
Пляскаем далонькамі дзіцяці і жартаўліва прыпяваем: 
Тосі, тосі лапкі 
Паедзем да бабкі! 
або 
Тосі, тосі! 
Куры у гаросе, 
А сьвіньні ў бацьвіньні, 
Ня будзем іх выганяць, 
Хай таўсьцеюць сьвіньні! 
Ладкі-ладусі 
Кладзем правую дзіцячую далоньку на левую, а потым левую на правую, прымаўляючы: 
- Ладкі, ладусі. 
- А дзе былі? 
- Ў бабусі. 
- А што елі? 
- Кашку. 
- А што пілі? 
- Бражку. 
Кашку паелі, 
Бражку папілі, 
На галоўку селі. 
Шу-у – паляцелі! 
Баран – буц 
Яшчэ адна вясёлая гульня зь немаўлятамі. Прыціскаем свой лоб да лабка дзіцяці са словамі: 
Баран, баран – буц! 
або 
Баран, баран – брык! 
крыху весялей 
А-а-а, 
баран, баран – 
буц, буц, буц!* 
Беларускі варыянт прыгаворкі з-пад Лепельшчыны: 
Баран, баран, букі-букі, 
Баран, баран, буц, буц! 

свернуть