П’есы

Ставім п’есы

ПРЫГОДЫ ЧОРНАГА, ШЭРАГА І БЕЛАГА

Дзейныя асобы: мама-котка, шэрае кацяня, белае кацяня, чорнае кацяня, мыш, жабка, рыба. 

Мама-котка збіраецца ў госці. Старанна мыецца перад люстэркам. 

Ш.К. (выбягае з кулісы) 
- Мяў, матуля, ты куды? 
М.К. - У госці я, гады ў рады. 
Б.К.(выбягае з кулісы, за ім Ч.К.) 
- Мяў, матулечка, нядзеля! 
Ч.К. – Мы гуляць пайсці хацелі! 
М.К. (гладзіць кацянятаў, тыя лашчацца) 
- Буду хутка, абяцаю. Вось тады і пагуляем! Вы тут без мяне цішэй, не палохайце мышэй! 
(сыходзіць,з кулісы выкатваецца клубок. Кацяняты пачынаюць з ім гуляцца. З іншай кулісы крадком выходзіць Мыш.) 
Мыш: - Мама-котка выйшла з хаты. Дома толькі кацяняты. Хай дурэюць, хай гуляюць. Я пад’есці пашукаю. 
Б.К. – Вой, глядзіце! 
Ш.К. – Гэй, лавіце! 
Ч.К. – Даганяйце! 
Мыш – Не чапайце! 
(Кругамі бегаюць па сцэне. З кулісы высоўваюць скрыню з мукой, нарэшце мыш ускоквае ў скрыню з мукой, за ім кацяняты. Кацяняты за сцэнай крычаць “Трымай, шукай, не выпускай!” Выходзяць у белых накідках.) 
Б.К. – Не злавілі. 
Ш.К. – Упусцілі. 
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе! 
(хорам) – Нам ад мамы пападзе! 
(Сыходзяць са сцэны. Выскоквае Жабка.) 
Жаб – Квах, які цудоўны дзень! Ква-а, а хто гэта ідзе? 
(На сцэну выходзяць цугам кацяняты. Жабка па кроку адступае, кацяняты наступаюць. Так праходзяць кола. З кулісы высоўваюць чорны комін.) 
Жаб – Ква-а-пабачэння! 
(жабка лезе ў комін. Кацяняты на момант спыняюцца перад комінам, зазіраюць туды.) 
Б.К. – Перапэцкаемся зноў! 
Ш.К. – Можа, лепш пайсці дамоў? 
Ч.К. – Ды лезце хутчэй, бо жабка ўцячэ! 
(Па адным кацяняты лезуць у комін. З кулісы выскоквае Жабка ў чорным.) 
Жаб – Ква-ха-ха, ква-ха-ха! Поўзаюць, шукаюць! А як вылезуць – сябе самі не пазнаюць! 
(Жабка скача праз сцэну, з апошнім “ква-ха-ха” знікае ў кулісе. Па адным выходзяць кацяняты ў чорным, аглядаюць сябе, уздыхаюць.) 
Б.К. – Не злавілі. 
Ш.К. – Упусцілі. 
Ч.К. – Перапэцкаліся ўсе! 
(хорам) – Нам ад мамы пападзе! 
(З кулісы выходзіць рыба, выносіць перад сабой “сажалку” з чаротам абапал.) 
Б.К. – Вой, глядзіце! 
Ш.К. – Гэй, лавіце! 
Ч.К. – Даганяйце! 
(Рыба хаваецца ў сажалку, туды ж скачуць кацяняты. Пэўны час выскокваюць з вады па чарзе галовы, адфыркваюцца, пытаюцца “дзе рыба?” , за гэты час скідаюць чорныя хламіды, вылазяць па адным.) 
Б.К. – Не злавілі. 
Ш.К. – Упусцілі. 
Ч.К. – І да ніткі змоклі ўсе! 
(хорам) – Нам ад мамы пападзе! 
(Ідуць, панурыўшыся, колам па сцэне. Сажалка знікае, выкатваецца клубок. Кацяняты садзяцца вакол клубка на падлогу, кладуцца , пазяхаюць і засынаюць.)
М.К. (выходзіць на сцэну, аглядае кацянятаў) 
- Дзеці, мы ідзем гуляць! 
К.К. (хорам, прыўзняўшыся з падлогі): 
- Мяў, матуля, дай паспаць! 

КАНЕЦ 

Як Данік і Данута ў доктара гуляліся

(На сцэне Данута з лялькай. На століку – блісцеры з таблеткамі, слоічкі з кроплямі, стэтаскоп, лыжка, шпрыц ) 
Данута (садзіць ляльку на крэсла): — Адкрыйце рот, шаноўная… А-а-а… Даражэнькая, ды ў вас горла чырвонае! Гэта, мусіць, ангіна! Не трэба было есці пяць порцый марозіва за раз! Прапісваю вам горкія таблеткі! (бярэ блісцер, дастае таблетку, пхне ляльцы ў рот, кідае на падлогу, уздыхае) Нецікава! 
(уваходзіць Данік) 
Данік: — Данутка, што ты робіш? 
Данута: — Хацела ў доктара пагуляцца, але з лялькамі нецікава: яны таблетак не глытаюць. 
Данік: — З катом пагуляйся! 
Данута: — Спрабавала! Во як падрапаў! (паказвае рукі) Данік! Давай я цябе буду лячыць! 
Данік (паціскае плячыма): — Дык у мяне нічога не баліць! Я здаровы! 
Данута: — Ну Данічак, ну калі ласачка! 
Данік: — Ну, добра, добра! Лячы! 
Данута: — Сядайце, шаноўны, я вас паслухаю! (прыстаўляе стэтаскоп) Дыхайце… не дыхайце… У вас моцныя хрыпы! Я вам прапісваю сіроп! 
Данік: — Салодкі? Тады давай! А то я горкія таблеткі не люблю! (Данута налівае ў лыжку са слоіка) Больш лі, не шкадуй! Давай! (выпівае) Смачна! Давай яшчэ! 
Данута: — Вы такі добры пацыент, вось вам яшчэ таблеткі! (дастае некалькі таблетак) 
Данік: — Вой, Данутка! А мама ж казала, што самім нельга браць таблеткі! 
Данута: — Я доктарка, ты павінен мяне слухацца! Хуценька глынай! Гэта вітаміны! 
Данік: — Ну, калі вітаміны… (кладзе таблеткі ў рот, крывіцца, адварочваецца, хуценька выплёўвае таблеткі ў руку, сціскае кулак) Добра, я ўжо здаровы. Пайду з пацанамі ў футбол пагуляю! 
Данута: — Пачакайце, шаноўны! Я зраблю вам прышчэпку! (бярэ шпрыц) 
Данік: — Не трэба! Я не хачу! 
Данута: — Трэба! Я доктарка, я ведаю! 
(уваходзіць Марына) 
Марына (строга): — Што за спрэчка? 
Данута: — Марына! Скажы яму! 
Марына: — Што сказаць? 
Данута: — Скажы, каб мяне слухаўся! А то ён прышчэпку рабіць не хоча! 
Данік (злосна): — Прышчэпку не буду! Хопіць, што сіроп піў ды таблеткі глынаў! 
Марына (занепакоена): — Што за сіроп? Якія таблеткі? 
Данік (маша рукой): — Не ведаю. У Дануты спытай. Яна ж доктарка! 
Данута: — Той сіроп, што мама ад кашля дае! А таблеткі замест вітамінаў… Бо мама казала, што вітаміны скончыліся… 
Марына (разглядае блісцеры): — І ты, Данік, шмат гэтых таблетак з’еў? 
Данік: — Штук пяць, можа, шэсць… А што? 
Марына (бярэ Даніка за руку): — Тады апранайся, паедзеш у лякарню. Зараз “хуткую дапамогу” паклічам… 
Данік (вырывае руку): — Дык я ж здаровы! 
Марына: — Трэба прамыць табе страўнік, каб вымыць таблеткі, інакш ты можаш атруціцца і памерці! 
Данік (спалохана): — Вой, нешта мне сапраўды кепска… галава кружыцца ды жывот баліць… 
Данута (спалохана): — Данічак! А ты ўжо іх праглынуў? Можа, яшчэ выплюнеш? 
Данік (узгадвае): — Зусім забыўся! (расціскае кулак, паказвае таблеткі) Марына, яны ўсе тут! Я адразу ж выплюнуў, бо яны надта ж горкія! Можа, не трэба ў лякарню, а? Мне ўжо лепей! 
Марына (уздыхае з палёгкай): — Добра, што ты не стаў глытаць таблеткі. Але вы павінны запомніць на ўсё жыццё: нельга ўжываць лекі проста так! Лекі дзецям прызначае доктар, а дае нехта з дарослых! Ні сіропы, ні таблеткі, ні нават вітаміны дзеці самі браць не павінны! Дарэчы, калі зрабіць укол ці прышчэпку няправільна, Данута, таксама можна захварэць! Зразумелі? 
Данута: — Зразумелі. Я больш не буду лекі браць. А калі вырасту, стану доктарам! 
Данік: — І я таксама! 
Марына (дастае некалькі яблыкаў): — Малайцы! А зараз, каб ніхто з вас не хварэў, будзем есці вітаміны. Прыродныя! 
Данік і Данута (разам): — Дзякуй табе, Марына! 
Марына: — На здароўе! А хочаце, мы разам пагуляем у доктара? Толькі замест таблетак возьмем цукеркі! 
Данік і Данута (разам): — Ура! 
 

Алена Церашкова

Як Данік і Данута падарункі рыхтавалі

Марына: — Данік! Данута! Хадзіце сюды, размова ёсць! 
Данік (незадаволена): — Чаго табе, Марынка? Мы ў хованкі гуляемся, а ты замінаеш! 
Данута: — Кажы хутчэй, што трэба! У нас часу няма! 
Марына: — Вы памятаеце, што хутка Новы год? 
Данік і Данута (хорам): — Памятаем! 
Данута (пакрыўджана): — Гэта мама не памятае! Я ёй кожны дзень нагадваю: трэба замовіць Дзеду Марозу новую ляльку, каб сама хадзіла ды размаўляла! А мама ўсё забываецца! 
Данік (паблажліва): — Вось дурное дзяўчо! Верыць у Дзеда Мароза! Падарункі нам купляюць бацькі! Я вось тату так і сказаў: падары мне ровар, як у Петруся! І падзорную трубу! 
Марына (задуменна): — Кажаш, дзеда Мароза няма? 
Данік (пераканана): — Няма! 
Марына: — Дзіўна, а хто ж мне тады гэтую паштоўку даслаў? (паказвае навагоднюю паштоўку) 
Данута (падскокваючы): — Марыначка, пачытай! 
Марына (урачыста): — Дарагія дзеці! Данута і Данік! Я захварэў, і магу не паспець павіншаваць усіх асабіста. Я прашу вашай дапамогі! Павіншуйце, калі ласка, тату, маму і бабулю з Новым годам! Дзякуй за дапамогу, ваш Дзед Мароз! 
Данік (са шкадаваннем): — Эх, не будзе ў мяне ровара… 
Данута (спалохана): — Вой, Марынка, а калі Дзед Мароз зусім не паправіцца?.. 
Марына (упэўнена): — Абавязкова паправіцца! Яму толькі трэба як след адпачыць! Але хто ж тады ўсіх павіншуе… 
Данік і Данута (разам): — Мы павіншуем! Мы справімся! 
Марына: — Вось і добра! Падумайце пакуль, потым мне распавядзеце!(сыходзіць) 
Данута: — Я ведаю, што я маме падару! Яна мне год таму ляльку падарыла. А лялька гэтая мне зусім не падабаецца! Вось і падару назад! 
Данік: — А я тату падару свае старыя канькі! Мне яны усё роўна малыя! 
Данута: — А што бабулі падарыць? 
Данік: — Можа, кніжку пра калабка? 
Данута: — Я гэтую кніжку сама люблю! Лепей твой футбольны мяч! 
Данік: — А чым я гуляцца буду? (з’яўляецца Марына) 
Марына: — Ну што, прыдумалі? 
Данік: — Тату і маме прыдумалі, а бабулі — не. 
Данута: — Таму што і кніжка, і мяч футбольны нам самім трэба! 
Марына (здзіўлена): — Бабулі? Футбольны мяч? А, зразумела! Дык вы лічыце, што падарунак — гэта тое, што самім больш не трэба, так? 
Данік і Данута (разам): — Так! 
Марына: — Данік, што табе бабуля падарыла на дзень народзінаў? 
Данік: — Шахматы! Такія прыгожыя — у двары ні ў каго такіх няма! 
Марына: — А табе, Данута? 
Данута: — Новы посуд для лялек! 
Марына: — Вы былі рады падарункам, так? 
Данік і Данута (разам): — Так! 
Марына: -А ці ўзрадуецца бабуля, калі ей падарыць стары мяч? 
Данік і Данута (разам): — Не… 
Данута (капрызна): — А адкуль нам ведаць, што бабулі хочацца на Новы год? 
Данік (сур’езна): — А я ведаю! Бабуля пруткі для вязання згубіла. А ў мяне кавалак дроту есць, я зраблю ёй новыя пруткі! І вушкі на іх загну, каб петлі не збягалі! 
Марына: — Малайчына, Данік! А што вы вырашылі дарыць тату і маме? 
Данік (няўпэўнена): — Ну… мы… хацелі… Марына, а можна, мы яшчэ падумаем? 
Данута: — Мы ўсё зразумелі! Падарункі павінны прыносіць радасць і карысць! Нельга дарыць тое, што самому не трэба! І дарыць назад тое, што табе падарылі, непрыгожа, мне мама казала… 
(Разбягаюцца. Потым выходзіць Марына) 
Марына: — Данік, Данута! Вам паштоўка ад Дзеда Мароза! (з’яўляюцца Данік і Данута) 
Данік (нецярпліва): — Чытай хутчэй! 
Марына: “Дзякуй вам, мае памочнікі! Тата, мама і бабуля вельмі ўзрадаваліся вашым падарункам. Пад елкай вас чакаюць лялька і падзорная труба! А ровар падару ўвесну, бо зараз ляжыць снег! Ваш Дзед Мароз. 
Данік і Данута (разам): — Ура! 
Данута: — Марынка! А мы ведаем яшчэ аднаго памочніка Дзеда Мароза! Гэта ты! 
Марына: — Кожны чалавек пад Новы год можа стаць памочнікам Дзеда Мароза. І тады ўсім будзе весела! 
А вы, сябры, дапамагаеце Дзеду Марозу? 
 

Алена Церашкова

Як Данік і Данута ў аўтобусе ехалі

(на сцэне два крэслы побач, нібыта ў аўтобусе. Выбягаюць Данік і Данута) 
Данута (адпіхвае Даніка): - Я каля вакна сяду! (садзіцца на крэсла) 
Данік: - Так нячэсна! Чаму заўсёды ты каля вакна? 
Данута: - Хто паспеў, той і сеў! Хто паспеў, той і сеў! (высоўвае язык) 
Данік: - Добра, наступным разам пабачым, хто паспее! (плюхаецца на сядзенне. Уваходзіць старэнькая бабуля з кійком, становіцца побач з Данікам. Данута глядзіць у вакно. Данік ёрзае на сядзенні, мнецца, раз-пораз пазірае на Дануту, ўрэшце ўздыхае ды ўстае) Сядайце на маё месца, калі ласка. 
Бабулька (ласкава): - Дзякуй табе, хлопчык, але не трэба. Я ўжо выхадзіць буду. 
(Бабулька выходзіць. Данік, задаволены, зноў плюхаецца на сядзенне, штурхае Дануту) 
Данік: - Чаму старой месца не саступіла? 
Данута: - Якой старой? Я й не заўважыла. А, той, што толькі што выходзіла? Дык яна не збіралася садзіцца, гэта любому зразумела было. 
(Данута адварочваецца. Заходзіць кабета з вялікімі валізамі. Данік весела падымаецца) 
Данік: - Сядайце, а то ў вас торбы цяжкія! 
(кабета ставіць валізы на сядзенне і застаецца стаяць побач. Данік паціскае плячыма й разводзіць рукамі. Кабета забірае валізы і сыходзіць) 
Данута (здзекліва): - А торбам я таксама павінна была месца саступіць? 
Данік (злосна): - А ногі не адваліліся б! 
(Данута зноў адварочваецца да вакна. Уваходзіць хлопец на мыліцах, становіцца каля Даніка. Той глядзіць на Дануту, потым уздыхае, падымаецца) 
Данік: - Сядай, дружа. (хлопец моўчкі садзіцца, трохі сядзіць, потым моўчкі выходзіць) Нават не падзякаваў… (садзіцца, штурхае Дануту) Чаму ты яму месца не саступіла? 
Данута: - А як бы ён сюды пралез са сваімі мыліцамі? Яму на тваім месцы зручней! (на сцэну ўваходзіць настаўніца, Данута адразу выбіраецца са свайго крэсла)Пусці мяне! Сядайце, Таццяна Васільеўна! 
Данік (абурана): - Так нячэсна! Ты толькі тым месца саступаеш, хто цябе пахваліць! Таццяна Васільеўна, сядайце лепей на маё месца! 
Таццяна Васільеўна: - Дзякуй, Данік. (садзіцца на Данікава месца) 
Данута (пакрыўджана): - І чым гэта маё месца горшае? Яно ж каля вакна! 
Таццяна Васільеўна: - Месца тваё добрае, але мне прапанова Даніка болей спадабалася. Бо Данік не толькі мне месца саступае. Ён шануе старых і шкадуе слабейшых. Малайчына, Данік. А табе, Данута, трэба добра падумаць. 
(Настаўніца выходзіць. Дзеці садзяцца) 
Данута (задумліва): - Я зразумела. Трэба быць уважлівым да ўсіх людзей. І не чакаць абавязкова, што цябе пахваляць. Калі побач з табой стары чалавек ці хворы, трэба яму дапамагчы. 
Данік: - А вы, рабяты, уважліва ставіцеся да людзей, што побач з вамі? 
 

Алена Церашкова

свернуть